Вячаслаў Кебіч – нар. 1936, гаспадарчы і дзяржаўны дзеяч. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і Менскую вышэйшую партыйную школу. Кандыдат эканамічных навук. Працаваў інжынэрам-тэхнолягам, намесьнікам галоўнага інжынэра Менскага заводу аўтаматычных лініяў, дырэктарам Менскага станкабудаўнічага заводу, генэральным дырэктарам Менскага вытворчага аб’яднаньня па выпуску працяжных і адразных станкоў імя С. М. Кірава, другім сакратаром Менскага гаркаму КПБ, загадчыкам аддзелу цяжкай прамысловасьці ЦК КПБ, другім сакратаром Менскага абкаму КПБ, старшынём Дзяржаўнага плянавага камітэту БССР, прэзыдэнтам Беларускага гандлёва-прамысловага саюзу. Выбіраўся членам ЦК КПСС, народным дэпутатам СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР X, XI, XII і XIII скліканьняў. З 1985 – намесьнік старшыні, у 1990–1994 – старшыня Савету Міністраў Беларусі. Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі (1994) набраў у першым туры 17,33%, у другім – 14,1% галасоў. Увайшоў у склад т. зв. палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першага скліканьня, быў членам дэпутацкай групы «Спрыяньне эканамічнаму разьвіцьцю», членам пастаяннай камісіі па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве.
(Фота: reporter.by)