Алесь Бяляцкі – нар. 1962, правабаронца. У 1984 скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Сябар Арганізацыйнага камітэту БНФ «Адраджэньне» (1988), адзін з заснавальнікаў Беларускай каталіцкай грамады (1990). У 1992–1996 – дэпутат Менскага гарадзкога савету. У 1989–1998 працаваў дырэктарам Музэю Максіма Багдановіча ў Менску. У 1996 заснаваў і ўзначаліў праваабарончы цэнтар «Вясна-96». У лютым 2006 году быў узнагароджаны «Andrei Sakharov Freedom Award 2006». У 2006 быў таксама вылучаны групай нарвэскіх парлямэнтароў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру. У тым жа годзе ў Чэхіі атрымаў з рук Вацлава Гаўла прэстыжную прэмію «Homo homini». У 2007 годзе быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH). 4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 быў прысуджаны да 4,5 гадоў ў выпраўленчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за «ўтойваньне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным.Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014.

(Фота: by.prava-by.info)