Юзаф Бахеньскі (поўнае імя — Інацэнты Мар’я Юзаф Бахеньскі), польскі філёзаф, манах-дамініканін, пэдагог, прафэсар унівэрсытэту Фрыбургу ў Швайцарыі, памёр 8 лютага 1995 году, пражыўшы доўгае і плённае жыцьцё. Яго апошнія выдадзеныя ў Польшчы кнігі і артыкулы — «Zarys historii filozofii» (Wydawnictwo Philed, 1993), «Wspomnienia», «Podrжcznik mаdroъci tego ъwiata» (Wydawnictwo Philed, 1994), «Sto zabobonуw (krуtki filozoficzny sщownik zabobonуw)», «O filozofii analitycznej» (Ruch Filozoficzny, t. XLVII № 1, s. 35–41, 1993). У перадмове да свайго твору «Сто забабонаў» Бахеньскі пісаў: « (...) Такім чынам, гаворка ідзе перадусім пра забабоны. Я ня ўпэўнены, што гэтае слова было выбрана ўдала — можа, больш правільна гаварыць аб перакручваньнях або аблудах, бо слова «забабон» як бы мае прысмак нечага магічнага: не дарма «забабонным» называецца чалавек, перакананы, што ён нечага можа дасягчы, прамаўляючы таямнічыя словы альбо працінаючы голкай ляльку з воску. Таму гаворка зазвычай ідзе аб нечым практычным, аб відзе абсурднай тэхнікі. Дзеля гэтага і шмат якія абгавораныя тут меркаваньні — можа, нават бальшыня — маюць тэарэтычны, а не практычны, а таму і не магічны характар. Калі, нягледзячы на гэта, я ўжываю гэтае слова, то толькі таму, што яно часам азначае ў нашай мове таксама тэарэтычныя памылкі, a таксама таму, што ў ім чуецца нутраная моц, што яно дае больш поўнае выражэньне майму стаўленьню да дурнотаў, якімі і ёсьць забабоны. У кожным выпадку я вызначаю «забабон» наступным чынам: вераньне, якое (1) безумоўна ў вялікай меры памылковае, але нягледзячы на гэта (2) лічыцца за безумоўна праўдзівае. Так, напрыклад, астралёгія ёсьць забабонам у маім значэньні слова, бо яна відавочна памылковая, але, нягледзячы на гэта, лічыцца сукупнасьцю аксыёмаў (...)». Юзаф Бахеньскі пэўны час жыў і працаваў у кляштары пры валынскім мястэчку Падкамень (сам ён нарадзіўся паблізу — у селішчы Паніква) . Перад наступам савецкіх войскаў выехаў на Захад. Як сьцьвярджаюць польскія крыніцы, у кляштары заставалася каля 500 палякаў, калі 12 сакавіка 1944 году вялікі аддзел украінскіх нацыяналістаў, узмоцнены сіламі «Ukrainische Hilfpolizei», ажыцьцявіў «зачыстку» гэтага аб’екта. У выніку крывавага гвалту загінулі старыя, дзеці, жанчыны, манахі. У выдадзеных у 1994 годзе «Spomnieniach» Бахеньскі пісаў: «Эўропа, наша Эўропа — канчаецца ў Падкамені. Думаю, што кожны, хто перажыў гэтыя падзеі, ніколі не спакусіцца на байкі пра Эўропу ажно да Ўралу». Рэцэпцыі філязофіі Бахеньскага ў Польшчы прысьвечаны артыкул — «Jozef Maria Bocheсski w Polsce» (Ruch Filozoficzny, t. XLVI, № 2, s. 227a–228a, 1990).