Анатоль Вярцінскі — беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956 г.). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 г. пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1964 г.). У 1967—1982 гг. — літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977 г. у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986—1990 гг. — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990—1995 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР. Аўтар кніг вершаў і паэм «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З'яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981). У аснове кніг — тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях. Найбольш значныя творы — ліра-эпічныя паэмы «Заазер'е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваеннай беларускай вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філасофская паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979).
(Фота: budzma.org)