Павал Марціновіч — беларускі паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў сям'і пісьменніка. У 1971 г. паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1976) і адначасова пачаў працаваць памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У 1978-1979 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Аўтар зборнікаў вершаў «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977). Выдаў кніжкі вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец!» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989). Перакладае з англійскай, літоўскай, польскай, чэшскай моў на беларускую. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі аповесць В.Стыблавай «Мой брацік» (1977), зборнік чэшскіх народных казак «Кубачак, вары!» (1977), аповесці В.Бубніса «Белы вецер. Рамунас» (1978), зборнік вершаў «Рамоначак-рамунеле» (1979), раман Я.Козака «Гняздо бусла» (1979), аповесць А.Крысці «Нябожчыкава люстэрка» (зборнік «Замежны дэтэктыў», 1988).