Андрэй Скубіц (Andrej Skubic, нар. у 1967 г. у Любляне) — славенскі пісьменнік і перакладчык (сярод іншага, твораў Ірвіна Уэлша, Флана О’Браена, Джэймса Джойса, Сэмюэля Бэкета), доктар філалогіі. Дзеянне рамана «Фужынскі блюз», які атрымаў шырокую вядомасць у Славеніі і за яе межамі і быў інсцэнаваны Люблянскім драматычным тэатрам, адбываецца 13 чэрвеня 2000 года, у дзень футбольнага матча паміж зборнымі Югаславіі і Славеніі. У такім месцы, якім ёсць люблянскі спальны раён Фужыны, дзе побач жывуць прадстаўнікі ўсіх нацый былой Югаславіі (славенцы, сербы, харваты, чарнагорцы, баснійцы і македонцы) футбол ёсць паўнавартасным сродкам міжнацыянальнага супрацьстаяння. У гэты дзень мы па чарзе сочым за чатырма жыхарамі Фужын, прадстаўнікамі розных прафесій, сацыяльных групаў, пакаленняў, полаў, рознага ўзроўню адукаванасці і розных нацыянальнасцяў. (Фота: slovenskenovice.si)