Аркадзь Смоліч (1891—1938) — навуковец і грамадзка-палітычны дзеяч. Выпускнік Нова-Александрыйскага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Пулавах (1916). З 1910 г. член Беларускай сацыялістычнай грамады, у 1917 г. член Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай рады. Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня БНР, народны сакратар асьветы ў яе першым урадзе (1918). У канцы 1918—1922 гг. знаходзіўся ў Горадні і Вільні. У 1919 г. у Вільні выдаў падручнік «Геаграфія Беларусі» (перавыдаваўся ў 1922, 1923, 1995 гг.). Першы старшыня Таварыства беларускай школы (1921). З жніўня 1922 г. у Менску. Працаваў загадчыкам плянава-эканамічнага аддзелу Наркамату земляробства. З 1923 г. дацэнт, прафэсар (1927) і загадчык катэдры ў БДУ. З 1925 г. — намесьнік старшыні Інбелкульту, кіраўнік сельскагаспадарчай сэкцыі і камісіі па раянаваньні БССР. Адзін з аўтараў першага статуту Акадэміі навук. У 1930 г. быў арыштаваны, у 1931 — асуджаны. Паўторна арыштаваны і асуджаны ў 1937 г. Рэабілітаваны ў 1957 і 1988 гг.