Леў Акіншэвіч (1898—1980) — беларускі і ўкраінскі гісторык, правазнавец, мэмуарыст. Вучыўся ў Кіеўскім унівэрсытэце, скончыў Кіеўскую вайсковую школу (1918). У 1918 г. член кантрольнай камісіі беларускай арганізацыі ў Кіеве, прыняў грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1921 г. навуковы супрацоўнік Украінскай Акадэміі навук, з 1923 г. сакратар Камісіі па вывучэньні гісторыі заходнярускага і ўкраінскага права. Супрацоўнічаў з часопісам «Полымя», Інбелкультам, Беларускай Акадэміяй навук. З 1933 г. прафэсар Нежынскага пэдагагічнага інстытуту. У сярэдзіне 1930-х — пачатку 1940-х гг. працаваў у Балхашы (Казахстан), Смаленску. Падчас вайны жыў ва Ўкраіне, у 1944 г. выехаў у Чэхію, потым — у Нямеччыну, з 1949 г. — у ЗША. Працаваў у Калюмбійскім унівэрсытэце, у Цэнтры па вывучэньні СССР у Вашынгтоне, у бібліятэцы Кангрэсу ЗША. Супрацоўнічаў з Украінскім навуковым таварыствам ім. Шаўчэнкі і Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, вывучаў гісторыю Ўкраіны і Беларусі XVI—XVII стст.
(Фота: parta.by)