Браніслаў Тарашкевіч (1892—1938) — грамадзкі і палітычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец, мовазнавец, перакладчык. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Петраградзкага ўнівэрсытэту (1916), працаваў у ім прыват-дацэнтам грэцкай і лацінскай моваў. У 1917 г. — адзін зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. апублікаваў «Беларускую граматыку для школ» (пазьней выдавалася неаднаразова, у тым ліку ў 1919, 1920, 1921, 1929, 1943 гг.). У 1919 г. — выкладчык беларускай і грэцкай моваў у Менскім пэдагагічным інстытуце. З 1921 г. — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922—1924 гг. быў старшынём Беларускага пасольскага клюбу. Са студзеня 1926 г. у камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, а ў траўні 1928 г. асуджаны на 12 год зьняволеньня. У траўні 1930 г. датэрмінова выпушчаны з турмы. Зь верасьня 1933 г. жыў у СССР, працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква). У 1937 г. арыштаваны, расстраляны.
(Фота: be-x-old.wikipedia.org)