Павал Любецкі — адзін з псэўданімаў Паўла Каравайчыка (1896—1937), крытыка, літаратуразнаўца, публіцыста. У 1917 г. — у рэдакцыі газэты «Вольная Беларусь». Вучыўся ў Ваенна-мэдыцынскай акадэміі ў Петраградзе. Супрацоўнічаў з часопісам «Чырвоны шлях», з Наркаматам нацыянальнасьцяў РСФСР. На пачатку 1919 г. загадваў выдавецкім аддзелам Белнацкаму і рэдагаваў газэту «Дзяньніца». Служыў у Чырвонай Арміі. У 1921—1923 гг. чытаў лекцыі па беларускай літаратуры на настаўніцкіх курсах у Бабруйску і Менску. З 1922 г. у Менску, паступіў на трэці курс мэдыцынскага факультэту БДУ, які скончыў у 1925 г. З восені 1922 да канца 1926 г. — загадчык аддзелу газэты «Савецкая Беларусь». У 1926 г. удзельнічаў у заснаваньні мэдыцынскай сэкцыі Інбелкульту; член-карэспандэнт Інбелкульту з 1926 г. Суаўтар падручніка «Выпісы зь беларускае літаратуры» (Ч. 1, Менск, 1926). У 1926—1930 працаваў у клініцы нэрвовых хвароб мэдыцынскага факультэту БДУ. У 1930 г. рэпрэсаваны, высылку адбываў у Чэбаксарах. У 1937 г. арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 і 1959 гг.