Тадэвуш Дамброўскі — нар. у 1979 г. Паэт, эсэіст, крытык, рэдактар літаратурнага часопісу «Topos». Друкаваўся ў польскіх выданьнях «Tygodnik Powszechny», «Polityka», «Rzeczpospolita», «Dziennik», «Twуrczość», «Odr», «Zeszyty Literackie», а таксама ў «Boston Review», «Agni», «American Poetry Review», «Arc Poetry Magazine», «Poetry Review», «Poetry Ireland» ды інш.
У 2006 г. атрымаў з рук славутага польскага пісьменніка і крытыка Тадэвуша Ружэвіча ўзнагароду Фонду польскай культуры, а ў 2009 г. — прэстыжную літаратурную прэмію Фонду ім. Касцельскіх, лаўрэатамі якой у свой час былі Славамір Мрожак, Тадэвуш Канвіцкі, Збігнеў Герберт, Марэк Навакоўскі, Густаў Герлінг-Грудзіньскі, Ежы Пільх, Адам Міхнік, Вольга Такарчук, Віслава Шымборска, Тадэвуш Ружыцкі ды інш.
Творы Тадэвуша Дамброўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, іспанскую, шведскую, датскую, нарвежскую, расійскую, украінскую, балгарскую, румынскую, латышскую, славенскую, харвацкую і чэшскую мовы. Аўтар паэтычных зборнікаў «Wypieki» («Выпечка», 1999), «e-mail» (2000), «Mazurek»(«Мазурка», 2002), «Te Deum» (2005, 2008), а таксама «Czarny kwadrat» («Чорны квадрат», 2009). Рэдактар анталогіі польскай паэзіі 1976—2006 гг. «Па-за слова» (2006). Жыве ў Гданьску.
Узнагарода імя Касцельскіх заснаваная ў 1961 г. у Жэневе. Гэта не быў звычайны прыз для літаратараў, а выказ гонару маладым творцам, якія мелі адвагу дэмаскаваць фальшывыя ідэалы падчас аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы. Узнагарода прызначалася не толькі за мастацкія дасягненні, але і за этычныя. Фундатарка ўзнагароды Моніка з Крыстынскіх Касцельская ў спадчынным запісе абвяшчала: «...за садзеянне развіццю польскай літаратуры і паэзіі пісьменнікам, якія пішуць на польскай мове, жывуць у Польшчы альбо за мяжою». Цяпер гэта прэстыжная літаратурная ўзнагарода. Калі распачалася Другая сусветная вайна, Моніка, у міжваенны час вядомая акторка і эстрадная спявачка, звязаная з варшаўскімі тэатрамі, разам са сва- ёй сям’ёй эмігравала ў Францыю, а затым, нелегальна перакрочыўшы мяжу, у Швейцарыю. Тут ёй выпала перажыць трагічную смерць мужа, а ў 1947 г. і адзінага сына, Войцеха, які не пакінуў па сабе спадчыннікаў. У гонар памяці мужа і сына Моніка заснавала літаратурную ўзнагароду.
Тадэвуш Дамброўскі атрымаў Узнагароду ім. Касцельскіх 2009 г. за зборнік вершаў «Чорны квадрат», што выйшаў у выдавецтве «А5». Журы адзначыла Тадэвуша Дамброўскага за паэтычную арыгінальнасць, якая выяўляецца мужнасцю ў трактоўцы цяжкіх артыстычных і светаназіральных пытанняў. «Творчасць Дамброўскага, якую вылучае жорсткасць бачання эстэтычных праблем, а таксама экзістэнцыйных і метафізічных, адно з самых цікавых дасягненняў найноўшай польскай паэзіі», — канстатавалася ў абгрунтаванні журы.
(Фота: jlwpoetry.files.wordpress.com)