Усевалад Грыневіч (гады жыцьця невядомыя), заходнебеларускі пісьменьнік. З 1915-1918 эвакуаваны ў Расею, быў актывістам беларускіх арганізацыяў у г. Казані: уваходзіў у беларускі гурток "Пралеска", усебеларускі сход г. Казані, сход Беларускай Казанскай Рады. Па вяртаньні на радзіму ў 1921 г. працаваў рэдактарам найбуйнейшай заходнебеларускай газэты "Крыніца". У 1925 эмігруе ў БССР. Быў рэпрэсаваны. Далейшы лёс невядомы. Вядома, што ў сакрэтным дакладзе ДПУ БССР у ЦК КП(б)Б ад 29.10.1925 "Аб беларуска-эсэраўскім шавіністычным руху" быў названы "несумненным польскім шпіёнам". Друкаваўся на старонках "Беларускага шляху", "Студэнцкай думкі", "Родных гоняў" і інш. Падпісваўся пераважна В. Грывіч, Гр-віч, В.Грыневіч. Быў адзіным у тагачасным заходнебеларускім руху празаікам, хто засьцерагаў сваё аўтарскае права. Найбольш вядомыя творы: "На рэках Бабілёну", "Мсьцівыя нябожчыкі", "Жывое дрэва", "І нас разбудзілі"