Антон Ясінскі — расейскі і беларускі гісторык. Нарадзіўся ў 1864 г. у в. Мяжырыч Канеўскага пав. Кіеўскай губ. (цяпер Канеўскі р-н Чаркаскай вобл. Украіны). У 1888 г. скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт. Працаваў прафэсарам Юр’еўскага (Тартускага) і Маскоўскага ўнівэрсытэтаў. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. атрымаў вядомасьць як знаўца гісторыі сярэднявечнай Чэхіі, у 1907 г. быў абраны членам Чэскай АН. Па гэтай тэматыцы найбольш вядомы ягоныя кнігі: «Падение земского строя в Чешском государстве» (Кіеў, 1895), «Очерки и исследования по социальной и экономической истории Чехии в средние века» (Юр’еў, 1901). У 1922 г. быў запрошаны на працу ў Менск. У 1922—1928 гг. прафэсар БДУ на катэдры сярэднявечнай гісторыі. У 1928 г. стаў акадэмікам Беларускай АН. У 1927 г. пачаў супрацоўніцтва з Інбелкультам (загадчык катэдры ўсеагульнай гісторыі). З 1929 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай АН. У беларускі пэрыяд сваёй дзейнасці дасьледаваў гісторыю буйнога землеўладаньня і Мэтрыку ВКЛ. Памёр 13 лістапада 1933 г.