Васіль Дружчыц (Друшчыц) — гісторык, адзін са стваральнікаў гістарычнай урбаністыкі ў Беларусі. Нарадзіўся ў 1886 г. у в. Блудзень Пружанскага пав. Гарадзенскай губ. (цяпер в. Першамайская Бярозаўскага р-на Берасьцейскай вобл.). Атрымаў духоўную адукацыю (Жыровіцкае духоўнае вучылішча і Літоўская духоўная сэмінарыя ў Вільні). У 1911 г. скончыў Юр’еўскі (Тартускі) унівэрсытэт. Ад 1922 г. выкладаў у БДУ, у 1927 г. узначаліў Камісію Інбелкульта па гісторыі гарадоў. 1920-я гады сталі найбольш плённымі ў навуковай творчасьці Дружчыца. З пагаршэньнем маральнага клімату ў Менску ў 1933 г. пераехаў у Маскву, дзе працаваў на пасадзе прафэсара Катэдры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя Герцэна. Але схавацца ад новых менскіх рэаліяў ня здолеў і тут. У час найбольшых рэпрэсіяў 14.01.1937 г. Дружчыц быў арыштаваны, а 19.12.1937 г. асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР на расстрэл. Пакараньне адбылося ў Менску, мяркуецца, у Курапатах 20.12.1937 г. Рэабілітаваны пасьмяротна ў 1958 г.